![]() |
![]() |
![]() |
| Пра кнігу Пра аўтара Розгалас Як прыдбаць? Банэры Чытачы Юзэрпікі Абмеркаваць |
![]() ![]() ![]() ![]()
![]() |
![]() Пра аўтара
Сяргей Балахонаў — беларускі пісьменьнік-постмадэрніст. Нарадзіўся 24 красавіка 1977 г. на Гомельшчыне. У 1994 г. скончыў гомельскую сярэднюю школу №49 з паглыбленым вывучэньнем нямецкае мовы. У 1999 г. — гістарычны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту. Ад таго часу настаўнічае (зь перапынкам на службу ў войску /2000 г./ і няўдалую спробу стаць мужам /першая палова 2001 г./). Жыве пераважна ў Гомелі. Халасты.
Сталая літаратурная творчасьць Сяргея Балахонава пачалася ў 1992 г. Аднак усе творы, напісаныя да восені 1998 г., нідзе не публікаваліся. Сярод іх вершаваныя зборнікі "Сонцавароты", "Брама сталасьці", "Мой беларускі...", "Дваццатае вока вясны", "Паляваньне на тэкст", няскончаныя эпічныя паэмы "Прывітаньне, мая каханая" ды "Алесь Гальшэўскі", некалькі фантастычных апавяданьняў ды аповесьць "Іх спаткала нявосень". Першыя публікацыі зьявіліся ўвосень 1998 г. у самвыдаце "Сымболь" (Менск, рэдактар Вадзім Карцаў) і адначасна ў газэтах "Наша слова" і "Наша Ніва". У 1999 г. Сяргей Балахонаў стаўся адным з аўтараў, бязь якіх, па словах Людмілы Рублеўскай, нельга было ўявіць тагачаснай "Нашай Нівы". Ад тае пары на старонках "НН" публікаваліся ягоныя дзёньнікавыя творы, шэраг апрацаваных гарадзкіх легенд "Die modernen Sagen" ("Сучасныя сагі"), эсэ, гістарычныя містыфікацыі, вершы, музычныя рэцэнзіі ды інш. У 2001 г. Сяргей Балахонаў дэбютаваў настаронках часопіса "ARCHE" з апавяданьнем "Сьмерць лютністы", у анатацыі да якога аўтара ўпершыню зьвязваюць з постмадэрнісцкай плыньню. Надалей пісьменьнік выяўляе сябе апалягетам постмадэрнізму, ведучы палеміку з крытыкам літаратуры Данілам Жукоўскім (артыкулы "Сартр за наваградзкай камяніцай", "Ізноў пра кляты постмадэрнізм", "Архіпэляг постмадэрн", "Entlarvung адзінокага ў пустэльні"). У 2005 г. адбыўся дэбют Сяргея Балахонава ў замежным пэрыёдыку: чэскі часопіс "Host" зьмясьціў яго літаратуразнаўчы артыкул "Nĕkdo tam je, aneb Rozcestí nove bĕloruské literatury". Пры канцы 2005 г. у выдавецтве Ігара Логвінава была выдадзена першая кніга пісьменьніка — зборнік прозы "Імя грушы". Сяргей Балахонаў мае сайт "Тэзэй беларускага постмадэрнізму", вядзе інтэрнэт-дзёньнік "Вяртаньне на крукі свая...". ![]() |